Мова продкаў нашых і нашчадкаў –
Шэпт дубровы і пчаліны звон, –
Нам цябе ласкава і ашчадна
Спазнаваць ажно да скону дзён,
Па чужых краях не пабірацца,
Не аддаць цябе на забыццё,
Наша невычэрпнае багацце,
Наша несмяротнае жыццё.
Г.Бураўкін
Міжнародны дзень роднай мовы, міжнародны дзень матчынай мовы – гэты дзень абвешчаны на 30-й сесіі ЮНЭСКА па прапанове Бангладэш (1999). Сумная гісторыя ў гэтай даты – 21 лютага. У 1952 годзе ў Бангладэш (былы ўсходні Пакістан) прымусова была ўведзена мова ўрду замест роднай мовы бангла. Гэта выклікала пратэст насельніцтва. Падчас хваляванняў пяцёра студэнтаў былі застрэлены паліцыяй. Тыя пяць хлопцаў, што загінулі за сваю мову, сталі нацыянальнымі героямі і пакутнікамі. Цяпер мове бангла знікненне не пагражае.
Дзень роднай мовы асаблівы для кожнага народа, для кожнай нацыі. І мы, беларусы, не выключэнне. Нам у спадчыну засталася жывая, мілагучная, песенная, паэтычная, старажыткая і сучасная мова.
Сёння, 21 лютага, навучэнцы 111 Б, 121Б, 123 Б, 131 Б, 141 Б, 151 Б груп у гульнёвай форме ўбачылі і адчулі прыгажосць, мілагучнасць, мудрасць і самабытнасць беларускай мовы. Навучэнцы здолелі паказаць свае веды і моўную эрудыцыю ў інтэрактыўнай гульні “Знаўцы беларускай мовы”.